помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга класіцызму ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Створана ў 1-й пал. 19 ст. ў б.прамысл. прыгарадзе Альбярцін (цяпер у межах горада) на заказ прамыслоўца В.Пуслоўскага. У комплекс уваходзілі: сядзібны дом, флігель, гасп. пабудовы (стайня, млын і інш.), пейзажны парк і лесапарк з воз. Альбярцінскім, створаным запрудай і млыном на р. Іса. Побач з сядзібай размяшчаліся суконная і папяровая ф-кі ўладальніка. Сядзібны дом (пабудаваны на месцы старой карчмы) — 2-павярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак з асім. аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. На гал. фасадзе ў цэнтры 2-калонны іанічны порцік з антамі, завершаны трохвугольным франтонам, і бакавы рызаліт. У афармленні ўвахода выкарыстаны фігурныя скульптуры львоў. З гасп. пабудоў захавалася стайня (пач. 20 ст., мадэрн) — неатынкаваны мураваны будынак з арнаментальнай муроўкай. У цэнтры гал. фасада арачны партал у выглядзе падковы, ляпная маска каня.
А.М.Кулагін.
Слонімская сядзіба «Альбяруцін». Сядзібны дом. З малюнка 19 ст.